Общество > Нам пишут

751

Рэчычане пiшуць. Дармовы мёд

 +

Гэтую гісторыю ў вёсцы Міхалоў Брагінскага раёна ведаў кожны жыхар ад малога да пажылога. Зараз і вёскі той няма, і яе жыхары раз’ехаліся па розных населеных пунктах, але як збіраюцца аднавяскоўцы ці іх дзеці з якой нагоды разам, дык абавязкова хтосьці пакпіць, маўляў, ага, дарэмнага мёду захацеў… Але аб усім па парадку.

Як кажуць, суседа не выбіраюць. Так сталася, што побач з Васілём Лявонавым жыў Майсей Дзяркач. І той гаспадар заўзяты, і другі шчыруе на падворку ды ў полі: кожны дбае, каб вырасціць ураджай, сабраць яго, упарадкаваць, бо сям’ю карміць трэба. І ў аднаго трое дзетак падрастаюць, і ў другога чацвёра.

Жывуць сабе ды й жывуць. Але асабліва даверлівымі ці сяброўскімі тыя адносіны не назавеш. То куры аднаго суседа праз плот пераляцяць ды гародніну павыграбаюць, то наравісты бычок прарвецца праз задні двор ды шкоды якой наробіць на градах. Мужыкі, як таму і трэба быць, у дробязі такія не ўлазілі, а гаспадыні раз пораз лямантавалі-сварыліся, высвятляючы адносіны.

Але ў Майсея былі свае аргументы да халаднаватых зносін з суседам. Ён (Дзяркач) біў фашыстаў на фронце ў Вялікую Айчынную вайну і вярнуўся адтуль на адной назе. Потым яму змайстравалі пратэз, і дзядзька Майсей з яго напорыстасцю хутка асвоіўся на тым прыстасаванні. Характар у яго быў стальны. Іншы раз здавалася, што ідзе ён на сваіх нагах. Пра боль і нязручнасць ніхто ад яго ніколі не чуў.

Сусед Васіль таксама ваяваў з гітлераўцамі, але ў партызанскім атрадзе. Вярнуўся Васіль на абедзвюх нагах і з абедзвюма рукамі. Здаровы! Казалі, што ён меў таксама раненне, удакладняю, бядра. Але пад штаны не заглянеш… Дык і ўсё роўна, з рукамі і нагамі! А Майсею пашанцавала менш. Гэта яго і раздражняла, хаця ўголас ён нікому і ніколі таго не казаў.

У Майсея быў свой конь. Гэта нейкім чынам аблегчвала жыццё ветэрану: куды праехаць трэба – коніка запрог ды й уперад, прывезці што (дровы, сена), таксама выручаў конь. А ў суседа быў іншы занятак: у садочку на падвор’і стаялі вуллі. Іх налічвалася крыху больш за дзясятак. Прыходзіў Васіль з калгаснай працы і на пасеку спяшаўся, каб там усё ўладзіць-упарадкаваць.

У кожнага свае клопаты.

А гэты выпадак надарыўся неяк у чэрвені. Сонца прыпякала з самай раніцы. Хто на сенакос падаўся, а жанчыны ў асноўным за праполку буракоў ды бульбы ўзяліся. Апоўдні вёска як апусцела.

Майсей адвёз сваіх на поле, а сам чагосьці вярнуўся дадому. І тут ён пачуў знаёмы гул: то суседавы пчолы разгуляліся. Шумяць, гудзяць злобна і лятаюць смела-нахабна.

– А каб на вас ліха! Зноў праходу не даюць, – злосна прамовіў Майсей.

Зайшоў ён на свой падворак, а яны аблюбавалі грушу-дзічку і пачалі садзіцца.

– То рой садзіцца, – змікіціў Майсей. Сам не ведаў, якія пачуцці ў ім зайгралі: зайздрасць ці помста, але штосьці стрэліла: «А што калі сабе той рой зняць? Абзавядусь пчоламі, няўжо ў мяне рукі не такія, як у Васіля?»

Рашуча накіраваўся да двара суседа, глянуў, быццам нікога.

Зірнуў уверх, а на дзічцы вялізным збанам рой вісіць.

– Ат, паспрабую зняць, – вырашыў.

А як ды што з імі рабіць? Ні маскі-сеткі, ні дымара… Куды яго, у які посуд? Хіба ў кубелец? Думкі маланкава насіліся ў галаве, быццам бы нешта краў ён. «Дык не, я ж не краду, я на сваім падворку!» – заспакойваў сябе Майсей. Паспяшыў за пуню, каб узяць вялікую драбіну. Пачаў прыстройваць яе да дзічкі, ды ўсё не атрымлівалася як след. І раптам прыйшла здагадка. Гаспадар рашуча пакрочыў на вуліцу, адчыніў браму і пад’ехаў канём з возам пад дзічку, палічыўшы, што так найзручней будзе яму дастаць той рой. На воз паставіў яшчэ нейкую скрыню, прымеркаваў, што якраз ён дабярэцца да пчол.

Залез Майсей на воз, потым на скрыню, узяў гусінае крыло і пачаў змахваць пчол на разасланую ўнізе посцілку. І штосьці ў гэтым працэсе не спадабалася далікатным пчолкам, і яны ўджалілі іх крыўдзіцеля.

– Ат, камарэча! – адмахнуўся той.

Бы пачуўшы тую абразу, накінуліся пчолкі на каня. Той раз хвастом крутануў-шлёпнуў, другі, а потым – наўцёкі.

– Трррр! Стаяць, нягоднік! – закрычаў мужчына. А конь тым часам ірвануў, ратуючыся бегствам ад балючых пчаліных укусаў. У імгненне знікла апора пад нагамі чалавека. Ён ухапіўся рукамі за калючыя галіны. Проста цудам не бразнуўся на зямлю, бо зачапіўся пратэзам за сук дзічкі і вісеў уніз галавой. А пчолам было раздолле, шпарылі свайго крыўдзіцеля як хацелі і куды хацелі.

Што было моцы Майсей крычаў: «Ратуйце! Падаю! Дапамажыце! Ратуйце!»

На яго шчасце Васіль быў у садку на пасецы і пачуй, як енчыў сусед. Так з дымаром і прыбег (апошні як раз яму і спатрэбіўся). Глянуў, у якой постаці на дзічцы вісіць аднавясковец, а вакол яго кружаць пчолы, адразу аб усім здагадаўся (смяяўся потым ён доўга). Хуценька паставіў драбіну, кінуў вяроўку. Маўляў, трымайся…

Так прайшла толькі палова выратавальнай аперацыі. Бо пчолы так нашпарылі сквапнага чалавека, што галава прама на вачах павялічылася ў памерах, вочы пазаплывалі, рукі здранцвелі… Жывога месца на ім не было! Ганна, жонка пацярпелага, засадзіла мужа ў склеп. Жартачкі, столькі ўкусаў! Там у халодным месцы ён знаходзіўся не менш трох сутак, а жонка змазвала яго кіслым малаком, сыроваткай, смятанай ды часнаком. Ледзь выхадзілі!

Конь аказаўся ў канцы агарода. Яго таксама давялося ратаваць: гаспадыні прыносілі сыроватку з усёй вёскі.

Пасля таго выпадку сквапнага ці зайздроснага землякі параўноўвалі з мудрым Майсеем, які ўпотай хацеў разбагацець.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity