Культура > История

1014

З гісторыі вёсак Рэчыркага раёна. Сцяпанаўка. Спадчына праз... здымкі

 +

Згадваецца летні дзень, калі давялося наведацца ў вёску Сцяпанаўку, якая на тэрыторыі Заспенскага сельскага Савета. Ехалася з канкрэтнай мэтай: даведацца пра тутэйшых людзей, якія жылі тут спрадвеку, ваявалі ды гінулі на франтах войн Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай, падымалі зруйнаванае нямецка-фашысцкай навалай, ударна працуючы на мясцовай ферме ды палетках. А цяпер павінны быць адлюстраваны ў кнізе «И колосится поле…»

Душой крывіць няма патрэбы: населены пункт нічым не здзівіў. Па прычыне добра заўважнай няўтульнасці. Калі не ўсё жытло пры гаспадарах, калі пры пустазеллі, што раскашавала, куды ні зачапіцца вокам.

Як не на ўскраіне Сцяпанаўкі давялося спыніцца, зарадаваўшыся магчымасці пазнаёміцца з тутэйшымі насельнікамі. Спытаўшы, да каго б зайсці яшчэ.

На лаве – трое: старая гадоў пад дзевяноста; жанчына часу, калі самы акурат ісці на пенсію; трэці – такога ж веку мужчына. Чалавек на заўважным падпітку, таму надта лёгка падахвоціўся паспрыяць.

– Патрэбны здымкі? Будуць.

Праз хвіліну-другую добры памочнік прыладкаваўся ў рэдакцыйным легкавіку. Загадаўшы ехаць не надта шпарка, каб супыніцца каля хаты, якая цяпер без гаспадарскае рукі. Бо тыя, што на згаданым двары жылі, радаваліся дзецям ды ўнукам, ужо там, адкуль ніхто і ніколі дадому не вяртаўся…

Мінулі падворак з нахабным пустазеллем, якое найбольш атабарылася ў былым садку.

Кароценькая замінка каля парога хаты. Хаця ключ не спатрэбіўся. Бо, як высветлілася, гэтым падворкам у хату праціснуўся і хтосьці з мэтай нешта прыхапіць, што чужое яму, хціўцу, не належала ніякім чынам-бокам.

Што ў хаце? А тое, што і павінна быць, калі багаццем і не пахне. Вось толькі на падлозе…

Там… горы друзу. І, што асабліва незвычайнае, уперамешку… з фотаздымкамі.

– Што табе і трэба, – бы зарадаваўся сцяпанавец. – Бяры. Яны нікому не патрэбны…

Меў на ўвазе фотаздымкі.

Паслухаўшыся, адшукаў, як здавалася, найбольш каштоўнае. Што дыхала гераічнай мінуўшчынай. З вайскоўцамі пад «будзёнаўкамі» і афіцэрамі, апранутымі падчас Вялікай Айчыннай.

Хто ж асобы, якіх сама б у кнігу «И колосится поле…»?

– У мяне і не пытайся, – адмахнуўся сцяпанавец. – Сам бачыш, пад якім я градусам.

…Падкінулі добраахвотнага памагатага да тае сцяпанаўскае хаты, дзе і падабралі. Там, як і дагэтуль, час бавілі старая з маладзіцай (ягоная жонка, некалі была даяркаю-стаханаўкай).

 Гаворка пра здымкі пабегла з жанчынамі. Абедзве ўзіраліся ў абліччы зафатаграфаваных вайскоўцаў, паціскалі плячыма. Не згадвалі анікога…

Не раз і не два думкі прымушалі вяртацца пра расказанае вышэй. Тачыла прыкрасць: людзі некалі жылі, стараліся на зямлі, рупіліся пра дзяцей, а магчыма і пра ўнукаў. Шанавалі памяць пра продкаў уласных. Фотаздымкі родных ды блізкіх мясцілі (пад рамкі) на зручным месцы. Адышлі ў нябыт – сабранае і апынулася ў смецці…

Як не сказаць наступнае: колькі ж разоў «Дняпровец» згадваў жыхарам Рэчыцы ды раёна, каб сямейнасць захоўвалі не толькі фотаальбомамі, але і тым, каб «непатрэбшчыну» саступіць Рэчыцка-дзяржаўнаму архіву ці музею. Не паленаваўшыся чыркануць, хто на здымку. Дадаўшы, якім чынам той ці іншы пасуецца да мясцовай гісторыі. Бо тым самым спадчына надзейна захаваецца. Магчыма, прыйдзе час, стане набыткам шырокім. Праз кнігу, фотавыставу і г. д.

І вось нядаўні дзень, калі ў «Дняпровец» завітаў рэчычанін Уладзімір В. Прынёс стос фота-
здымкаў. Атрымаў іх ад сябра Аляксандра. Той (працуе ў Расіі) распавёў: здымкі падняў з зямлі, калі выносіў смецце.

Давайце ж паглядзім на прынесенае ў рэдакцыю.

Вось купка людзей, якая, як трэба меркаваць, некалі – адна сям’я. На першым радзе, калі не браць дзяўчынку (прытулілася да аднае з пажылых жанчын), – у сям’і найгалоўныя.

Стаяць маладзейшыя. Каторы першы злева, занатаваны і на здымках шмат якіх наступных, зробленых, трэба прызнацца, не без мастацкага густу.

Кім жа ён быў і кім рабіў-працаваў? Сказаць цяжка.

А вось ён жа, ужо заўважна пасталеўшы, у вайсковай форме, якая надта пасуецца пад спецыяліста-чыгуначніка. Здымак зроблены ў Маскве ў красавіку 1943-га…

Гэты ж самы чалавек у атачэнні хлопца і дзвюх дзяўчат. Тая, якая за ягонымі плячыма (можна меркаваць і па здымках іншых), – ягоная жонка.

Бачым яе ў нейкім калектыве і ў дамашнім асяродку: сабралася паслухаць музыку з тагачаснай пласцінкі…

А вось жанчына пазірае са здымка, паловы якога няма. То і нельга прачытаць надпіс, які на адвароце. Застаецца здагадвацца: задзейнічаны майстар-фатограф… Наўгародскай губерні. Час? 1920-я…

І новае пытанне без адказу: якім жа чынам Наўгародчына дапасавалася да Рэчыцы? Праз пераезд сюды, праз падарунак родным ці блізкім?

…Безумоўна, тэма, акрэсленая даным артыкулам, павінна мець працяг. Па-першае, ёсць упэўненасць: нехта з рэчычан згадае тых, якія на змешчаных здымках. Па-другое (самае галоўнае), шмат хто з рэчычан можа прыслухацца да рэдакцыйнай падказкі, каб сямейную спадчыну не кідалі ў друз. Бо і нябожчык жыве да таго часу, пакуль аб ім памятаюць…

Перепечатка текста Dneprovec.by запрещена без разрешения редакции. info@dneprovec.by

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity